СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ І ДЫНАМІ́ЧНЫЯ ЗАКО́НЫ, статыстычныя заканамернасці і заканамернасці жорсткай дэтэрмінацыі,
асноўныя тыпы заканамернасцей сувязі з’яў, якія атрымалі найб. поўнае выяўленне ў сучаснай навуцы. Адрозніваюцца па ўнутр. структуры адпаведных навук. тэорый і агульных падыходах да прыроды быцця і пазнання. Дынамічныя законы характэрны для адносна ізаляваных сістэм, што складаюцца з невял. колькасці элементаў, дзе можна абстрагавацца ад выпадковых фактараў. У законах гэтага тыпу прадказанні дакладна вызначаныя і адназначныя (напр., законы руху макраскапічных аб’ектаў). Уяўленні пра дынамічныя законы сфарміраваліся ў працэсе развіцця класічнай механікі. Абсалютызацыя законаў гэтага тыпу характэрна для канцэпцыі мех. дэтэрмінізму, прыхільнікі якой экстрапаліравалі Ньютана законы механікі на ўсе з’явы і працэсы свету (П.Лаплас і інш.). Пры дапамозе дынамічных законаў фармулююцца каузальныя сувязі з’яў. Пры аналізе сістэм, якія складаюцца з вялікай колькасці аб’ектаў (часціц), а таксама сац. і біял. з’яў найб. адэкватныя статыстычныя законы. Яны распрацаваны ў працэсе развіцця класічнай статыстычнай фізікі і метадалагічнай асновай іх з’яўляецца імавернасцей тэорыя Стат. законы носяць імавернасны характар, што абумоўлена дзеяннем мноства выпадковых фактараў і ўзаемадзеяннем вял. колькасці элементаў (напр., вял. колькасць малекул у газе, асобін у біял. папуляцыях, людзей у сац. калектывах). За сукупным дзеяннем розных фактараў яны выяўляюць устойлівае і неабходнае. У сац. сферы сац. законы дзейнічаюць як законы масавых з’яў і звязаны з вялікіх лікаў законам. Метады выяўлення стат. законаў распрацаваны ў сац. статыстыцы.
т. 15, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)